Сцэнарый абрадавага свята Юр’я.
СКЛАЛІ: Цітова Я. Я., загадчык установы дашкольнай адукацыі,
Ешукоў А. Ў., музычны кіраўнік
Дзеючыя асобы:
Два пастухі-Васіль і Рыгор
Афармленне: на цэнтры гульнёвай пляцоўцы ( ці актавай залы) вісяць маскі свойскіх жывёл ( кароўкі, цяляткі), пастуховы ражок, дзве пугі
( бутафорскія), малюнкі галінак з лісточкамі розных дрэў . Гледачы ( бацькі выхаванцаў, выхаванцы) размешчаны па двух баках насупраць цэнтральнай пляцоўкі. Гучыць пастуховы найгрыш ( На пляцоўку ці ў актавую залу з двух бакоў выходзяць два пастухі.)
Васіль. Добры дзень, Рыгор!
Рыгор. І табе добрага дня, Васіль! Са святам цябе, з Юр’ем!
Васіль. І цябе таксама!
Рыгор. У вас у Васільчыцах ўжо пачалі да свята рыхтавацца?
Васіль. А як жа! ( Ківае галавой.)
Рыгор. А ў нас у Ванелевічах таксама. Паглядзі колькі людзей сабралася?
Дзень добры вам, даражэнькія. А калі вы тут сабраліся, то мо, адкажаце, што гэта за свята - “ Юр’я”? ( Адказ- свята пастухоў.)
( Прадстаўнік з боку бацькоў робіць кароткі экскурс у гісторыю свята).
Менавіта з Юр’я пачынае куваць зязюля. На Юр'е сяляне выходзілі з песнямі і ахвярнымі стравамі аглядаць свае палеткі. З Юр'ем звязваўся і першы выпас жывёлы (запасаў корму для жывёлы павінна было хапіць як мінімум да гэтага дня).
Васіль. Так, а мо, хто ведае, у якую пару года яно адзначаецца? ( Адказ)
( Прадстаўнік з боку бацькоў дадае інфармацыю аб свяце. Гучыць ціхая мелодыя “ А ты, Юр’я, Мікола…”
А ты, Юр’я, Мікола,
Абыдзі жыта наўкола!
Юр’я кажа: караніста.
Мікола кажа: каласіста!
Разгуляўся Юр’яў конь,
Разбіў гарэх капытом,
Ідзіце, дзевачкі, тушыце,
Рэшатам ваду насіце,
Так ў хлопчыкаў праўда ёсць.[8, с.41]
(Юр'я, Юрай, Юр'е, Ягор'я, Георгі), старажытныя святы народнага календара (адзначаліся 6 мая і 9 снежня н. ст.) у гонар святога - заступніка свойскай жывёлы і сялянскай нівы. У хрысціянскую эпоху святому Георгію-пераможцу былі нададзены функцыі язычніцкага боства Ярыла. Гэтыя святы (асабліва веснавое) былі напоўнены шматлікімі абрадавымі дзеяннямі, песнямі, павер'ямі, прыкметамі заклінальнага характару.
Веснавы Юр'я знаменаваў сабою сапраўдны пачатак вясны.
Васіль. Вось бачыш, Рыгорка, ведаюць людзі пра наша свята. А што ў вашай вёсцы кажуць пра Юр’я”?
( недалёка ад пастушкоў размешчаны упрыгожаны стол з мяшэчкамі грэчкі, і аўса, бохан хлеба, ручнікі, міска з арэхамі, патэльня з блінцамі, гаршчочкі з паранай бульбай, каўбасы, сала; малюнкі сонца, дрэва, кароўкі, коніка)
Рыгор. У Ванелевічах кажуць: “ Як на Юр’я пагода, то на грэчку няўрода”.
( паказвае на маленькі мех з грэчкай)
Васіль. А ў Васільчыцах вось як кажуць: “ Калі на Юр’я мароз, дык сей на балоце авёс”.
Рыгор. Хм! Гэта што! А вось у нас лічаць: “ Як дождж на Юр’я, то будзе хлеб і ў дурня”.
Васіль. Дождж дажджом, а вось калі Юрый сказаў: “ Жыта ўраджу”, дык Мікола адказаў: “Пачакай-пагляджу”.
Рыгор. Ды нічога ў вас не ведаюць!
Васіль. Гэта ў каго- у нас? Ды ў нас у вёсцы самыя разумныя людзі.
Рыгор. А вось мы зараз паглядзім.
Васіль. Добра, тады, Рыгорка, давай дамовімся. Вось гэтая палова ( паказвае направа, дзе знаходзяцца бацькі выхаванцаў)- мая вёска Васільчыцы, а вось гэта ( налева)- твая Ванелевічы. Дамовіліся?
Рыгор. Дамовіліся. Зараз паглядзім, у чыёй вёсцы самыя разумныя. ( Па чарзе загадваюць загадкі, за кожную адгадку частуюць пачастункамі -
калачыкі , пірагі, цукеркі).
Рыгор. “ Яе нагамі топчуць, а яна ўсіх корміць”. ( Зямля)
Васіль. Цяпер мая чарга. “ Коціцца па небе кадушка- не звер, не птушка, не агонь, не вада”. Ну, што гэта? ( Сонца). ( Бярэ малюнак сонейка і ўпрыгожвае ім цэнтральную частку залы).
Рыгор. Добра. А вось такая: “ Вясной весяліць, летам халадзіць, увосень пітае, зімой сагравае”. ( Дрэва). ( Бярэ малюнак дрэва і ўпрыгожвае ім цэнтральную частку залы).
Васіль. Малайцы! А вось такая загадка: “ Малыя дзеці вісяць на павеці, а як падрастаюць, на зямлю злятаюць”. Што гэта? ( Арэхі).( Бярэ міску з арэхамі і частуе дзяцей і бацькоў).
Рыгор. А вось тут не адгадаеце: “ Семсот свішча, чатыры танцуе, дзве свечкі гараць, два вартавыя стаяць”. ( Конь).( Бярэ малюнак коніка і ўпрыгожвае ім цэнтральную частку залы).
Васіль. А як вам гэта: “ Чатыры цыганачкі ільюць у адну баначку”. ( Карова).
( Бярэ малюнак кароўкі і ўпрыгожвае ім цэнтральную частку залы).
Рыгор. Ну, вось над гэтай галовы паламаеце:” Чорная курыца на чырвоных яйках кубліцца”. ( Патэльня на вуголлі). ( Падымае са стала патэльню з блінцамі і частуе дзяцей).
Васіль. А вось гэту паспрабуйце: “ Я на канапцы быў і на хлопанцы быў, і на базары быў. Варылі ва мне, хвалілі мяне, а як лопнуў жывот- дык і выкінулі за плот”. ( Гаршчок).
Ты глянь, разумныя людзі ў Ванелевічах, але згадзіцеся, што і нашы не горш.
Рыгор. Згодзен. А вось ці могуць у вашай вёсцы шпарка размаўляць?.
Васіль. О, ды адна наша бабка Маруся перагаворыць усю вуліцу.
Рыгор. Ваша бабка? А наш дзед Хведар перагаворыць і вашу бабку, і вуліцу, на якой яна жыве, і ўсю вашу вёску Васільчыцы.
Васіль. Зараз паглядзім. Вось скажыце хутка: “ Пад вываратнямі вавёрка ўе вяроўкі вёртка”.
( Памочнікі выносяць плакат з напісанай скарагаворкай. Адна палова пляцоўкі-жыхары Ванелевіч разам яе чытаюць уголас.)
Рыгор. Ну. Як, умеем? А вось вы, хто з Васільчыц скажыце: “ Спрытна кроп палоў Пракоп, лёг пад кропам і захроп”.
( Ціха гучыці народная мелодыя “ А ў лесе грыбы зарадзілі”( Ідзе гульня.))
Рыгор. Вось якія здатныя! Але, як кажуць у народзе, “ Гаварыць- не мяхі варочаць”.
Васіль. І сапраўды. Зусім мы ледзь не забылі, Рыгорка, дзеля чаго прыйшлі сюды. А вось адкажы мне: без чаго пастух ніколі не выходзіць на пашу?
Рыгор. Вядома, без пугі.
Васіль. Так. А ці ўмеюць у вас пастухі валодаць пугай? Бо для нас жа пуга, як для музыкі гармонік.
Рыгор. А што ёй валодаць? Ляскай, ды ўсё.
Васіль. “ Ляскай? Хіба ж у гэтым усё майстэрства сапраўднага пастуха? Не, Рыгорка. А вось хто з вас, даражэнькія, грамчэй стрэльне? Ці ёсць такія? Бо на гэта патрэбны і моц, спрыт. Я гляджу, у вас наўрад ці такія знойдуцца…
Рыгор.Гэта ў нас? Не хвалюйцеся, яшчэ як знойдуцца! Хлопцы, хто хоча паказаць сваю моц? Хто грамчэй стрэльне пугай, той атрымае з маёй торбы пачастунак. ( Ідзе гульня “Стрэльба пугай” для татаў выхаванцаў, удзельнікаў узнагароджваюць.)
Рыгор і Васіль.А цяпер нашы хлопчыкі, выканаюць танец з пугамі. ( Пад музыку ў выкананні аркестра беларускіх народных інструментаў “ Бульба” Я. Глебава выхаванцы ( хлопчыкі) ў народным адзенне выконваюць танец з пугамі.
Васіль. Ну, а зараз, Рыгорка, паглядзім, на што здатныя вашы пастухі. Ці ўмеюць яны валодаць пугай? Ляскаць- гэта яшчэ не майстэрства.
Рыгор. А што ж ты лічыш майстэрствам?
Васіль. Ну, вось, напрыклад, ці змогуць яны збіць пугай яблык?
Рыгор. Няма чаго і спрабаваць. Хлопцы, да мяне! Хіба ж у Васільчыцах спраўнейшыя за нас? ( Ціха гучыць вясёлая беларуская мелодыя, запрашаюцца таты з сынамі і мамамі выхаванцаў, ідзе гульня, мамы кладуць яблыкі на пянёчкі, праз некалькі метраў ад іх стаяць папы з сынамі і спрабуюць пугамі збіць яблыкі, пераможцы атрымліваюць пачастункі.)
Васіль. Дзякуй, усім сем’ям, якія вы спрытныя. А цяпер, калі ласка, станьце хлопцы паўкругам і скажыце, ці зможа хто з вас шапку з долу дастаць?
Рыгор. Ох, і насмяшыў ты людзей, Васіль. Шапку з долу- вось “цяжкая” задача!
Васіль. Я яшчэ не ўсё сказаў. Слухайце, хлопцы ( паварочваецца да ўдзельнікаў гульні, якія стаяць паабапал вядучых), запрасіце кожны да сябе сябрука на дапамогу, бо без іх вам у наступнай гульні не абысціся. А ты, Рыгорка, і ўсе ўдзельнікі, слухайце ўважліва. Хай адзін з удзельнікаў сядзе на плечы свайму вернаму памочніку і, нахіліўшыся, рукой дастане шапку з долу. Ну што, спалохаліся?
Рыгор. А чаго нам палохацца? Пакажам, хлопцы, Васілю, на што мы здатныя. ( ідзе гулья, таты на плечы бяруць сваіх дзетак, дзеці дастаюць шапкі з долу, пераможцам даюць пачастункі.)
Васіль. Дзякуй, малайцы, кожны з вас можа стаць пастухом. Зноў станьце, калі ласка кругам.
Рыгор. Ты ведаеш, Васіль, у нашай вёсцы ёсць такі звычай. Перад тым, як вывесці статак на пашу, яго трэба правесці цераз кажух, у якім загорнута яйка. І калі яйка застанецца ў кажуху цэлым, то ўся скаціна ў статку на працягу года будзе здаровай, круглай і гладкай, як яйка. Сёння ж свята! Трэба нам свой статак правесці праз кажух. Так што - увага!
Рыгор. Вам, сябры( звяртаецца да ўдзельнікаў, якія стаяць на пляцоўцы), неабходна як мага хутчэй сабраць сабе па “ статку”. Вось гэтыя хлопцы
( паказвае на адну палову ўдзельнікаў) збяруць свой статак у вёсцы Васільчыцы, а гэтыя ( паварочваецца да астатніх) – у вёсцы Ванелевічы. І прывядуць гэты статак да нас. Зразумелі? Сігналам для пачатку гульні будзе музыка. ( Гучыць песня “ Вол бушуя, вясну чуя…”).
Вол бушуя, вясну чуя,
Воран крача, сыра хоча,
Сыра хоча.
Воран крача, сыра хоча,
Дзеўка плача, замуж хоча,
Замуж хоча.
Не бушуй, волік, пойдзеш у поля,
Пойдзеш у поля, наарэшсы,
Наарэшсы.
Не плач, дзеўка, пойдзеш замуж,
Пойдзеш замуж, нажывешса,
Нажывешса. [8, с. 21-22]
Ідзе гульня. Зроблены танэлі з матэрыялу на канцах якіх абручы. Праз гэтыя танэлі трэба хутка перабрацца).
Васіль. А зараз, паважаныя сябры, статкі патрэбна правесці праз кажухі, якія ляжаць на пляцоўцы. Вы павінны ланцужком прайсці праз кажух, імітуючы звычкі і галасы свойскіх жывёл. Хто хутчэй гэта зробіць, той і стане пераможцам. ( Ідзе гульня. Пераможцаў частуюць.)
Рыгор. Дзякуй усім удзельнікам. Хлопцам я прапаную крыху адпачыць. А вы, дзяўчаткі, застаньцеся з намі.
Васіль. Ці ведаеце вы, мілыя дзяўчаткі, што быў на Юр’я такі звычай
“ Юрыца”- значыць, сяброўку сабе шукаць. Калі хто гэтага не зробіць, то на ўвесь год застанецца без сяброўкі. Запрашайце, дзяўчаткі, на гульню ў
“ Ручаёк” знаёмых дзяўчат.
Рыгор. Станьце, калі ласка, парамі ў “ ручаёк”. Вось гэтая крышку сумная дзяўчынка нам дапаможа. Вам неабходна прайсці праз “ Ручаёк”, выбраць сабе сяброўку, вывесці яе з “ Ручайка” і падараваць кветачку. Зразумелі? Тады пад музыку, дзяўчынкі і хлопчыкі, “ юрыцеся”! ( Ідзе гульня).
Рыгор. ( Той дзяўчынке, што засталася адна). Не сумуй дзяўчынка, я буду тваім сябрам.
Васіль. Ну вось, дзяўчаткі, вы і знайшлі сабе сябровак. Але ж вы, мабыць, памятаеце, што свята сёння хлапечае- свята пастухоў. Дык парадуйце хлопчыкаў, запрасіце іх на скокі! ( Рыгорка іграе на дудцы.)
Васіль. Ну, дык грай жа, дудка,
Каб аж было чутна,
Каб ты так іграла,
Каб зямля скакала!
( Усе дзеці і іх бацькі танцуюць “ Трасуху” муз. А Пыталева, сл. М. Чарняўскага.)
Рыгор. Ну вось і скончылася наша свята. Пара ўжо нам дахаты. Зачакаліся нас. Вясной работы багата, вясной у цяжкай працы пачынаецца восеньскі хлебны каравай.
Васіль. Таму мы вам жадаем:
Каб Юр’я светлы ключык
Адамкнуў зямлю…
Рыгор. Пусціў расу
На ўсю зямлю-
І густую, і частую…
Васіль. І цёплую, і мокрую
Рыгор. І на ўвесь свет!
Разам. І на кожны цвет!
Да пабачэння, сябры!
(Гучыць вясёлая беларуская мелодыя “ Гаспадынька-бабка, павярніся крутка…”)
Гаспадынька-бабка, павярніся крутка,
Вясна-красна на ўвесь свет!
Масці кладку да й заві ў хатку.
Скавародку ў печ, па яечкі ў клець,
Кубак малака й сыр на талерку.
Кілбасы ў куточку вісяць на пруточку,
Прыстаўляй драбіну, лезь па саланіну.
Мы госцікі нібывалыя,
Нібывалыя, нідакучныя.
Мы вам часта ні дакучаім,
У гадочку ночку.[8, с. 39-40]
Свята працягваецца, робяцца сумесныя фотаздымкі, гучыць прыемная народная беларуская музыка, дзеці танчаць, госці частуюцца прысмакамі са стала.
Літаратура:
1.Гуд. П. А. Ад каляд да пакроваў./ Пад рэд. Л. І. Жук.-Мн.: Выд. ТАА “ Красіка- Прынт”, 2000.- 224 с. – ( беларусь святочная).
2. Ліцвінка В. Д. Святы і абрады беларусаў.- 2-ое выд.- Мн.: Беларусь, 1998.-190 с.: іл.
3. Гурло Г. А. Святыі абрады Капыльшчыны. Інфрмацыйна-даведачны матэрыял. Г. Капыль. 1998 г.
4. Ад верасня да жніўня/ Рэд.- укл. Л. І. Жук- Мн.: Выд. ТАА “ Красіка-Прынет”, 2001.- 128 с.- ( Беларусь святочная).
5. Мудрыя дарадцы: Прыказкі і прымаўкі.[ Для сярэд. школ. узросту/ Уклад. А. У. Янголь; Маст. В. В. Мікіта] .- 2-е выд., дапрац.- Мн.: Юнацтва, 1983.- 94 с., іл.
6. Земляробчы каляндар: Абрады і звычаі/ Уклад., класіфікацыя, сістэматызацыя матэрыялаў і камент. А. І. Гурскага; Уступ. арт. А. І. Гурскага, А. С. Ліса.- 2-е выд., выпр.- Мн.: Бел. навука, 2003.- 429 с.- ( беларуская народная творчасць).
7. Гульні, забавы, ігрышчы/ Уступ. арт., уклад., класіфікацыя і сістэматызацыя матэрыялаў і камент. А. Ю. Лозкі.- 3-е выд.- Мн.: Бел. навука, 3002.- 534 с.: нот. Іл.- ( беларуская народная творчасць).
8. Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыц. Жанры: Мінск. вобл./ Уклад. В. Д. Ліцвінка; Уклад. Муз. часткі Г. Р. Кутырова.- Мн.: Універсітэцкае, 1995.- 477 с.: іл., нот. іл.
Папараць-кветка.
Падрыхтавалі: Цітова Я. Я.,загадчык установы дашкольнай адукацыі,
Ешукоў А. Ў., музычны кіраўнік,
Варэнік В. Ў., выхавацель дашкольнай адукацыі
Папярэдняя праца:
На паседжаннях сямейнага клуба “ Да маралі праз сямейныя традыцыі”, у інфармацыйных блоках “ Да ўвагі бацькоў” па групах дзецям і бацькам паведамляецца інфармацыя аб свяце” Купалле”. Перад святам можна правесці конкурс вырабаў “ Купальскі вяночак”, конкурс малюнкаў
“ Чароўная папараць-кветка”, конкурс пляцовак і групавых пакояў
“ Рыхтуемся да свята Купалле”, конкурс на лепшы вобраз жыхара купальскіх лясоў і вадаёмаў- выраб з падручных матэрыялаў вопраткі купальскіх герояў ( лесуны, вадзянікі, грыбы, русалкі, купалкі і г.д.) Потым напрацаваныя матэрыялы можна выкарыстаць ў час правядзення свята і як вынік пасля свята ўзнагародзіць самыя актыўныя і творчыя сем’і выхаванцаў. На экалагічнай сцежцы і тэматычных пляцоўках ( вугалкі леса, агарода, луга, некранутай прыроды, медыцынскай градкі) установы дашкольнай адукацыі і пад час правядзення паходаў, экскурсій, прагулак звяртаць увагу выхаванцаў на лекавыя расліны і паведамляць, што ў старажытнасці збор зёлак ажыццяўлялі менавіта ў перыяд святкавання Купалля. Адначасова правесці работу па азнаямленні з ядомымі- неядомымі грыбамі і раслінамі і паведаміць аб небяспечнасці невядомых раслін, грыбоў і г.д.
Увазе бацькоў можна прапанаваць наступныя матэрыялы. (Для дзяцей паведамленні павінны быць даступнымі іх ўзросту). Уноч з 6 на 7 ліпеня ( з 23 на 24 чэрвеня па ст. ст.) у гонар летняга сонцавароту святкавалася найбольш маляўнічае, насычанае прыгожымі язычніцкімі звычаямі свята Купалле, дахрысціянская сутнасць якога засталася амаль некранутай да нашых дзён. Купалле вядома ўсім народам Еўропы. Пачынальнік славянскай фалькларыстыкі з беларусі Зарыян Даленга-Хадакоўскі, які жыў на пераломе 18 і 19 стст., сведчыў, што нашы землі палалі купальскімі вогнішчамі, а Андрэй Меер у “ апісанні Крычашскага графства” 1786 г. адзначыў, што Купала найбольш часта ўспамінаецца ў песнях беларускіх сялян. Назва свята ў наш час справядліва звязваецца з пакланеннем даўцу жыцця прыродзе- Сонцу, увасабленнем якога былі ачышчальныя купальскія вогнішчы, ачалавечаны яшчэ ў матрыярхальным грамадстве вобраз жанчыны Купалы і нават яе дачкі. У хрысціянскай патрыярхальнай культуры ўжо з’яўляецца сын. Праўда, у вельмі позніх купальскіх забавах моладзі з’яўляецца стылізаваны вобраз Купаліша, але генетычна ён не звязаны з паходжаннем старажытных салярных уяўленняў.
“ Класці, раскладваць Купалу”, як гавораць у народзе, пачыналі зранку 6 чэрвеня: хлопцы запасалі паліва, збіралі па вёсцы старыя рэчы, сухое ламачча, якое засталося з Зялёных святак. Спальваннем іх на купальскім вогнішчы быццам можна было дагадзіць продкам, выклікаць іх спрыянне на Купалле. Лічылася, ўто ў гэты час каляндарная вяршыня росквіту прыроды, бо ўжо хутка “ прыйдзе Пятрок- ападзе лісток”. Яна вызывала і самую актыўную дзейнасць варожых чалавеку прыродных сіл: ведзьмаў, чараўнікоў, гадаў, сурокаў. [2]
Купалле- заўсёды свята душы для земляроба, які ў час летняга сонцастаяння, калі ўсё навокал так хораша расце, квітнее, спее, прыслухоўваецца да старажытнага пачуцця роднасці з навакольным светам, падказвае ям: “ Калі на Купалу ноч ясная- будзе добры ўраджай, будзе ягада красная, будзе дабро разнае”. Адметная рыса купальскага свята- панаванне жартоўных песень, пабудаваных на супрацьпастаўленні добрага дрэннаму, напрыклад, адной групы дзяўчат- другой, дзяўчат- хлопцам ці наадварот. Купальская ноч здаўна лічылася ноччу барацьбы чалавека з поганню, якая ўвасаблялася ў вобразе ведзьмы-змяі. У этычным і міфалагічным плане ведзьма-змяя- увасабленне сусветнага зла, з якім трэба змагацца перш-наперш агнём. Барацьбу з чараўніцай вядуць разам Купала і людзі. Песня заклінае: “ Наша Купала цёмная ноч, да паўпякай ведзьме вочы, штоб бяда па свету не хадзіла, штоб бяда людзей не глуміла”. [8].
Дзяды і спрыяльныя сілы прыроды, часцей за ўсё ў выглядзе
“ купальскіх зёлак”, дапамагалі людзям пазбегнуць злой сілы. Паказальна, што ў такіх старажытных сюжэтах дзяўчаты звяртаюцца з пытаннем, у адпаведнасці з моцнай у беларусаў традыцыяй, да дзеда. Перад Купаллем дзяўчаты і жанчыны ішлі збіраць васількі, руту, купалінку, багаткі, папараць, салодку і спявалі песні. Гэта павінна было перадаць збіральніцам цудадзейную купальскую сілу зёлак. Асаблівае месца тут займала “ травіца брат-сятрыца”, якая здзіўляла спалучэннем рознакаляровых кветачак, што і парадзіла вядомы купальскі баладны сюжэт. Першым рытуалам Купалля было ўрачыстае песеннае запрашэнне на свята:
Хадзіў чыжык па вуліцы,
Рана-рана, па вуліцы.
Прасіў дзевак на Купалле,
Рана-рана, на Купалле.
Вам, дзеванькі, свая воля,
Я маманькі не баюся, рана-рана, не баюся.
Я баценьку пакланюся,
Рана, рана, пакланюся.
Сама пайду на Купалле,
Рана, рана, на Купалле.
З песнямі і карагодамі абыходзілі хаты, запрашаючы на свята.
Самая цікавая частка запрашэння- звычай адорвання купальнікаў- вестуноў Сонца, якому і прызначаліся ахвяры.
Вечар добры, наша пані,
А ці прымеш нас з купаллей?
Калі прымеш- пакажыся,
А не прымеш- адкажыся.
На вуліцу выхадзі,
Купальнічку падары.
А ці сала кусочак,
Ці яечак пяточак,
Ці піражка скарыначку,
Ці цыбулі пярыначку.
У час абыходу купальнікі кідалі вянкі на стрэхі хат нежанатых хлопцаў і незамужніх дзяўчат ( каб тыя хутчэй ажаніліся, выйшлі замуж). З музыкай, карагодамі, танцамі, скокамі купальскі гурт на чале з Купалай выходзіў з сяла пад песню:
Йшла Купала сялом, сялом,
Закрыўшы вочкі пяром, пяром.
На Йвана Купала, на Йвана Купала.
Вітала хлопцаў чалом, чалом,
Свяціла ночкі агнём, агнём.
Пляла вяночкі шаўком, шаўком,
Славу Купалу пяём, пяём.
Купальская грамада прыходзіла да высокага месца ля пэчкі ці возера, куды ўжо загадзя хлопцы сцягнулі для вогнішча галлё. Пачыналася здабыванне
“ жывога” агню - трэннем дрэва аб дрэва:” сягоння ў нас Купала, сам Бог агонь расклаў”. Тут меўся на ўвазе Пярун, аб чым сведчаць песні “ Пажарам дуб’я гарэла”, “ Гарэла дуброва, гарэла” і тое, што ў купальскае вогнішча рытуальна кідалі дровы з дуба- сімвала Перуна. Затым вакол вогнішча вадзілі колавыя карагоды ў гонар сонца:
Ой, рана, рана, ой , рана на Йвана,
Выйшлі дзеўкі на луг, ой ды сталі ў круг.
Ой, рана, рана, ой, рана на Йвана,
Выйшлі хлопцы на луг, ой, ды сталі ўсе ў круг.
Ой, рана, рана, ой, рана на Йвана,
Распалілі касцёр і гулялі да зор.
Усю ноч ля купальскага агню гучалі песні, ладзіліся карагоды, гульні. Хлопцы і дзяўчаты скакалі праз вогнішча паасобку, накрыж і парамі, купаліся ў вадзе, каб ачысціцца і засцерагчыся ад злых сіл,
спальвалі іх антрапаморфную выяву- ведзьму. У гонар жыццядзейнага сонца на высокіх шастах або спускаючы з гары падпальвалі прасмаленае кола. Ля вогнішча частаваліся абрадавымі стравамі ( абавязкова яешняй), варажылі, плялі вянкі:
Купалачка, дзе твая дачка?
Каліна!( Спяваецца пасля кожнага радка)
Мая дочка ў садочку
Руту поле, ружу рве.
Краскі шчыпле, вянкі ўе,
Вянкі ўе, на сябе кладзе.
Са словамі “ Ляці, ляці, вяночак, лаві, лаві, дружочак” кідалі на ваду вянкі ( часам без рук, махам галавы, стоячы спінай да вады) і варажылі па іх руху. Вянкі кідалі і праз вогнішча.
Купалле- унікальнае свята, якое вельмі цяжка перанесці ў памяшканне ці на сцэну. Вядомы толькі два больш-менш мастацкія перанясенні Купалля з натуральнага асяроддзя ў прыродных умовах: фальклорным калектывам в. Крулеўшчызна Докшыцкага раўна і гуртом “ Валачобнікі” Беларускага універсітэта культуры.
Святкаванне Купалля як прыгажэйшага свята летняй пары нам трэба адрадзіць, зберагчы і, святкуючы трымацца ўсіх самабытных звычаяў. Яно лёгка, радасна ўспрымаецца дзецьмі, развівае іх творча, умацоўвае фізічна. Купалле павінна стаць святам мастацтва, паэзіі, стымуляваць музычнае развіццё дзяцей. Асаблівай увагі патрабуе арганічнае засваенне купальнай мастацкай традыцыі і складанейшай для дзяцей яе песеннай мелодыкі.
Добра будзе, калі ў гэтую ноч дзеці будуць імправізаваць, спяваць, гуляць, скакаць, вадзіць карагоды, плесці вянкі, фантазіраваць, марыць ля купальскіх вогнішчаў, выпісваць таямнічыя салярныя знакі палаючай на кійку бяростай, пераапранацца ведзьмамі, купалкамі, русалкамі, рабіць маскі жаб, пачвар, чарцей, лесавікоў, вадзянікоў ( пад пільным доглядам дарослых).
Няхай Купалле будзе прыгожым напамінам, што сонейка, святло заўсёды перасільвае цемру ночы, і ў гэтым дзеці будуць чэрпаць веру ў лепшую будучыню беларускага народа.[2]
Матэрыялы свята:
Дзеючыя асобы: Купалінка, Купаліш, Лясун, Вадзянік, Яшчар, Цётка-Трасавіца, Грыб-мухамор, Купалкі, Купальская ночка, зорачкі-купалкі
Гучыць напеўная беларуская мелодыя “ Ой, рана, на Йвана”.
Госці, бацькі, педагогі, дзеці размешчаны на пляцоўке вакол бутафорскага вогнішча(пафарбаваныя дровы).
З’яўляюцца прыгожа апранутыя ў народнае адзенне Купаліш і Купалінка
( дарослыя, могуць быць і бацькі выхаванцаў).
Купалінка: Летняя ночка купальная… Ноч, чаруючая сваім хараством, прыгажосцю… У гэтую ночку, як гавораць народныя паданні, рукі блішчаць незвычайным святлом, дрэвы пераходзяць з месца на месца і вядуць гутарку між сабой…
Купаліш: Кажуць людзі, на Купалле
У кожным лесавым куточку
Кветка-папараць усходзе,
Зацвітае ў гэту ночку.
Адшукаць туды дарогі,
Дзе яна красуе, цяжка:
Жыхары лесу перашкаджаюць,
Скачуць у расцяжку.
Купалінка: Лесуны выходзяць з нетраў
І русалак карагоды,
Вадзянік і сорак ветраў
Там з’яўляюцца заўсёды.
Купаліш: Жыхары лясныя крэхчуць
Лямантуюць і скуголяць
Каб шукальнікаў той кветкі
Напалохаць і заблытаць.
Купалінка:
А чаму?
Хто кветку знойдзе,
Возьме гэту кветку ў рукі-
Шчасце з’явіцца ў народзе,
Будуць людзі жыць без мукі.
Дзяўчынкі ў беларускай народнай вопратцы выконваюць жартоўную песню “ Ідзіця, людзі, дзівіцеся…”, хлопчык, апрануты Купалкам , у вяночку падпаясаны ў народнай вопратцы вязе коніка ( драўляная цацка):
Ідзіця, людзі, дзівіцеся,
Едзя Купалка жаніцеся.
Сам жа ён едзе на коніку,
Дзевачку вязе ў возіку.
Сам жа ён едзе, як жар гарыць,
Дзевачку вязе, як мак цвівіць
( Кожны радок паўтараецца)
( Гучаць гукі фанаграмы: шум ветру, раскаты грому, рогат, крыкі, лямант)
Купаліш: Ну вось, не абышлося і ў нас без непрыемнасцяў…
Купалінка: Але не хвалюйцеся, людзі добрыя, госцейкі дарагія. Галоўнае- не даць дрэнным жыхарам лесу агню з нашага купальскага вогнішча. А калі што якое, дык хвашчыце іх крапівой і палыном. Яны спрадвеку баяцца гэтых “ лекаў”.
Пачынаецца шэсце лесуноў, русалак, дрэнных лясных жыхароў, якое адбываецца адначасова на сушы і на “вадзе” ( на пляцоўцы зроблены з блакітнай тканіны штучны вадаём). Па ім да свята набліжаюцца прадстаўнікі “ Шкоднага царства”.
У складзе шэсця:
Вадзянік- абросшы вадаростамі, з перапончатымі лапамі, царскай каронай на галаве, у масцы з вялізнымі вачыма, доўгімі валасамі і барадой, на нагах ласты.
Лесавік- стары дзед з мохавай барадой і валасамі. Ён апрануты ў вывернуты кажух, на якім начэплены галіны дрэў, лісце, мох, кветкі.
Грыб- мухамор-з шляпкай грыба размаляванай як мухамор і ў белай вопратцы.
Яшчар- з вялікай пашчай, з якой ідзе дым ( маска) , клыкамі, вялізным хвастом, кіпцюрамі.
Цетка-Трасавіца- багіня хвароб, старая баба ў масцы жабы.
Прыбыўшы да вогнішча( штучна зробленае вогнішча на пляцоўцы-можа быць намаляваным, ці зробленым з афарбаваных паленняў з імітацыяй агню), пад акампанемент сваёй музыкі ( выкарыстоўваюцца самаробныя
“ музычныя інструменты”: трасуць маракасамі, б’юць у бубны, шумяць кубачкамі з насыпаным зернем, стукаюць лыжкамі ў патэльні і г.д.).
Грыб-мухамор: Я пачуў ваша гулянне
У цёмным лесе пад імхом…
І цяпер вось на патэльні
Раблю лыжкай выкрутасы…
( Пачынае біць у патэльню лыжкай, астатнія прадстаўнікі “ Шкоднага царства” падтанцоўваюць.)
Можа дасце мне вугалёк з вашага купальскага вогнішча.
Мы ўсе вельмі замерзлі пакуль па вадзе да вас ішлі. (Прадстаўнікі “ Шкоднага царства” усе разам пачынаюць дрыжаць і скуголіць).
Купаліш: Бачым, што махляр ты ўдалы! Але падмануць нас не так і лёгка. Чароўныя вагенчыкі дапамажыце, злых шкоднікаў адганіце!
( Дзеці ў чырвонай і жоўтай вопратцы, з ліхтарыкамі ў руках выконваюць танец Купальскага агенчыку і адганяюць шкоднікаў ( пад любую хуткую вясёлую народную мелодыю ).З’яўляецца Цетка-Трасавіца з дзвюма жабкамі-дачушкамі.
Цетка-Трасавіца.( любуючыся ў люстэрка)
Прыгажуні мы, трасавіцы-дзявіцы.
Шчабятушкі, шаптунні-сятрыцы
Просім з намі ў гульні гуляць
І нікого ў лес не пускаць
Ну навошта вам кветку шукаць?
Лепей шумна і доўга гуляць!
Дзеці, вы любіце гуляць.
Дзеці: Так
Цетка-Трасавіца: Я вазьму з вашага вогнішча адзін агенчык і пайду да дому да сваіх дачушак, буду ім есці варыць , вы нікому нічога не кажыце, і што мяне бачылі не гаварыце. ( Хапае з “ Вогнішча” агенчык і хоча ўцякаць)
Купалінка і Купаліш: Возьмемся за рукі дружна, зробім хутка круг мы дужы, абаронім мы Купальскі агенчык, не дадзім Цётке-Трасавіцы нашкодзіць людзям і добрым лясным жыхарам. Напужаем яе палыном і крапівой. Хай бяжыць не аглядаючыся сабе дамой . ( Гучыць вясёлая мелодыя. Дзеці ў кругу разам з Купалішам і Купалінкай , ўзяўшыся за рукі адбіраюць ў Цёткі-Трасавіцы агенчык і выганяюць яе са свята разам з дачушкамі: кладуць Трасавтцы і яе дачкам на галаву вянок з палыну, яна пакорна кладзе агенчык ў вогнішча, просіць прабачэння і пакідае свята).
Паяўляецца Лясун і Вадзянік, Яшчар, Грыб-Мухамор.
Лясун: Я Лясун, Лясун сярдзіты,
Не спушчу нідзе нікому!
Не хадзі ніхто ў ночы,
Не чапай маіх харомаў.
Кветку пільна я вартую,
На замкоў замкнёна сорак,
А сцяжынку дам такую -
Усіх заблытаю я скора!!! ( Смяецца.)
Вадзянік:
Па загаду Трасавіцы ў лес не пусцім мы нікога.
Яшчар, Грыб, чаго стаіце?
Ад вогнішча ўсіх ганіце!
Яшчар і Грыб-Мухамор:
Усіх прагонім і адгонім
Ад Купальскага агню.
Усе заблытаем мы сцежкі.
Жыхароў лясных палонім,
Усе схаваеце ўсмешкі.
( Лясун і Вадзянік, Яшчар, Грыб-Мухамор гавораць словы і з чатырох бакоў набліжаюцца да “вогнішча”, імкнуцца забраць вагеньчыкі з вогнішча, смяюцца і робяць рукамі і нагамі хаатычныя рухі).
Купалінка:
Жыхары “ Шкоднага царства”
Вас ніхто не запрашаў.
У цёмны лес вам усім дарога.
У раку глыбокую.
На асіну высокую.
Далёка ад нашага Купальскага вогнішча.
Ідзіце прама і не аглядайцеся,
А да нас ніколі не вяртайцеся.
Купалінка:(Звяртаючыся да дзяцей і ўдзельнікаў свята)
Ганіце , людзі добрыя, адсюль шкоднікаў, каб не псавалі нам свята! Палыну ды крапівы ім! Дапамажы нам, Купальская ночка! ( З’яўляецца прыгожая, святочна апранутая, жанчына, якая ўвасабляе Купальскую ночку).
Грайце дзеткі на жалейцы разам з Купалішам . Грай жалейка, грай і шкоднікаў праганяй!
Купаліш пачынае “граць на жалейцы” ( гучыць запіс народнай мелодыі “Сягоння Купалле на Яна…”.[8].
Сягоння Купалле на Яна.
Дзевачкі зелле збіралі,
Дзевачкі зелле збіралі,
У старога дзеда пыталі:
Што, гэта, дзедка за зелле-
Чорныя галоўкі насення?
А дзедка зелле не паняў
Ды на караля адаслаў.
Каралеўна зелле пазнала,
Яна дзяўчынкам сказала:
Дзявочае умыванне,
Кавалерскае каханне.
Дзеці яму дапамагаюць. ( пакуль Купалінка гаворыць словы, Купальская ночка ( Жанчына ў святочнай вопратцы) раздае дзецям інструменты).
Жыхары “ Шкоднага царства” з лямантам, войканнем хутка збягаюць ад вогнішча Купальскай ночкі, дзяцей з жалейкамі і “палыном з крапівою”
( бутафорскія галінкі) ў руках.
Купальская ночка: Расцерушыла я свой цёмны пыл. Распляла над зямлёй свае чорныя косы, сама, як маці, прытаілася ў лесе каб вартаваць і ахоўваць сон людзей і сон прыроды.
Купалінка:А каб на зямлі не было так маркотна ў час прыходу ночкі, яна пазмятала з неба ўсе хмаркі, і яно заззяла тысячамі рознакаляровых агеньчыкаў-зорачак.
Купальская ночка: Дзе мае зорачкі- купалачкі? Заззяйце, прыляціце. Зямлю шчасцем і добрай надзеяй агарніце! ( Дзяўчаты выконваюць танец зорачак пад матыў народнай песні “ Купалінка, купалінка, цёмная ночка, дзе твая дочка?” Пакуль дзяўчынкі танчаць, Купальская ночка знікае)
Купальская ночка: Калі надыходзіць час майго ўладарыння, чалавек ў купальскую ночку шукае кветку папараці, бо кажуць, што ў купальскую ноч зацвітае яна агністым цветам.
Купалінка: Запрашаем усіх на пошукі папараці-кветкі, якая ззяе рознакаляровымі агеньчыкамі і знаходзіцца недалёка ад “вогнішча”.
Купаліш:Хто кветачку шчасця сёння адшукае, у падарунак ад Купылы вянок атрымае!
(Гучыць вясёлая музыка. Удзельнікі свята ідуць на пошукі папараць-кветкі. Час пошуку не больш за 5 хвілін. Папараць- кветка ўяўляе сабой букет з папараці, васількоў, прыгожых летніх кветак, падсвечаных знутры рознакаляровымі навагоднімі гірляндамі. Букет знаходзіцца на адлегласці 20-50 метраў ад” вогнішча”. У час пошуку папараць-кветкі ( дзеці шукаюць разам з бацькамі) прадстаўнікі “ Шкоднага царства”, схаваўшыся ў розных патаемных кутках “ лесу”( пляцоўкі), перешкаджаюць удзельнікам свята: Вадзянік “аблівае ўсіх вадой”, Лясун і Грыб –Мухамор страшаць сваім рогатам і падкідваюць неядомыя грыбы ў кошыкі ўдзельнікам свята, русалкі і Трасавіца з Яшчарам перастаўляюць указальнікі месцазнаходжання кветкі папараці. Чуюцца галасы: “ Знайшлі, знайшлі папараць- кветку!”. Удзельнікі свята песняй сустракаюць пераможцу гульні, у руках якого ззяе, пераліваецца ўсімі колерамі вясёлкі папараць-кветка. Калі сям’я, якая знайшла папраць-кветку падыходзіць да вогнішча ,гучыць урачыстая мелодыя. Усе пляскаюць у далоні. Да сям’і-уладальніцы кветкі падыходзіць Купалінка і купалачкі-зорачкі з узнагародамі. Гучыць ціхая мелодыя “ Ой, у нядзельку на Яна” [8].
Купалінка ( ускладваючы на галаву таты-пераможцы вянок з рознакаляровых кветак):
Хай лёс твой будзе шчаслівы,
У хаце хай будзе весела,
І сытна, і мірна, і песенна,
Купалачкі-зорачкі ( уручаючы падарункі сям’і):
- Хай доля ад бед уратуе,
- Зязюля шмат год накукуе,
- Хай без працы не збэсцяцца рукі,
- Хай будуць здаровы дзеці і ўнукі.
Пераможцы свята запрашаюць усіх на танец: “Полька беларусская”.
Літаратура:
1.Гуд. П. А. Ад каляд да пакроваў./ Пад рэд. Л. І. Жук.-Мн.: Выд. ТАА “ Красіка- Прынт”, 2000.- 224 с. – ( беларусь святочная).
2. Ліцвінка В. Д. Святы і абрады беларусаў.- 2-ое выд.- Мн.: Беларусь, 1998.-190 с.: іл.
3. Гурло Г. А. Святыі абрады Капыльшчыны. Інфрмацыйна-даведачны матэрыял. Г. Капыль. 1998 г.
4. Ад верасня да жніўня/ Рэд.- укл. Л. І. Жук- Мн.: Выд. ТАА “ Красіка-Прынет”, 2001.- 128 с.- ( Беларусь святочная).
5. Мудрыя дарадцы: Прыказкі і прымаўкі.[ Для сярэд. школ. узросту/ Уклад. А. У. Янголь; Маст. В. В. Мікіта] .- 2-е выд., дапрац.- Мн.: Юнацтва, 1983.- 94 с., іл.
6. Земляробчы каляндар: Абрады і звычаі/ Уклад., класіфікацыя, сістэматызацыя матэрыялаў і камент. А. І. Гурскага; Уступ. арт. А. І. Гурскага, А. С. Ліса.- 2-е выд., выпр.- Мн.: Бел. навука, 2003.- 429 с.- ( беларуская народная творчасць).
7. Гульні, забавы, ігрышчы/ Уступ. арт., уклад., класіфікацыя і сістэматызацыя матэрыялаў і камент. А. Ю. Лозкі.- 3-е выд.- Мн.: Бел. навука, 3002.- 534 с.: нот. Іл.- ( беларуская народная творчасць).
8. Ліцвінка В. Дз., Кутырова Г. Р.Беларускі фальклор у сучасных запісах:Традыцыйныя жанры: Мінская вобласць. –Выдавецтва МН.: Універсітэцкае, 1995.- 477 с.: іл., нот, іл., Міністэрства культуры і друку Рэспублікі Беларусь.
9.Адамовіч Я. Тураўскае Купалле// Тэатральная Беларусь. 1992.№6.
10. Аляхновіч А. М, Гуд П. А. Ой рана на Йвана. Метадычны дапаможнік па правядзенню Купалля ( з дадаткам “ Купальскія песні”). Мн., 1991.
11. Купалле-нацыянальны летні карнавал// Беларуская мова і літаратура ў школе.1989.№5.
12. Ліцвінка В., Раговіч У. Песні лета// Мастацтва Беларусі.1988.
13. Майсяёнак Г. свята як традыцыя: ( Купалле)// Чырв. змена. 1989.22 ліп.
14. Мялешка А. А. Народнае Купалле: ( Аб святкаванні ў Беларусі) // Ракурс. 1992.№2.
“ Сцэнарый восеньскага свята Багач па Ванелевіцкі”
Музычны кіраўнік: Ешукоў А. Ў.
Загадчык: Цитова Я. Я.
Папярэдняя работа: дзецям загадзя даводзіцца інфармацыя аб свяце “ Багач”.
Дзеючыя асобы:
Вядучы, Агароднік, мядзведзь, Гаспадыня, пані Бульбачка.
Абсталяванне: медальёны з малюнкамі агародніны, 2 чыгункі для
“ баршчу”, муляжы садавіны і агародніны, 2 мяшочкі з бульбай ( па 8-10 шт. бульбін), 8-10 абручоў, крэйда, сявенька з зернем з несапраўднай запаленай свечкай ( намаляванай), мяшочкі з зярняткамі.
Вядучы: Восень у госці завітала, пачастункаў назбірала
Усім прынесла падарункі, садавіны смачнай клункі
Агародніны цэлы склеп, а на стол духмяны хлеб.
Наша восень багацейка, любіць дзетак частаваць
Ну а потым ёй цікава разам з дзецьмі пагуляць.
( Памочнікі вядучага кожнаму выхаванцу апранаюць медальён з малюнкамі агародніны. Малюнкі перагорнуты. Дзеці ведаюць якую гародніну прадстаўляюць. )
Гучыць музыка .
Уваходзіць Агароднік.( апрануты ў доўгую намітку расшытую малюнкамі агародніны з упрыгожаным кіем ( палкай))
Агароднік:
Добры дзень, дзеці і дарослыя! Як утульна ў вашай зале! Якая прыгажосць! Я бачу, што гаспадыня Восень завітала і ў ваш садочак. Дзеці, а вы добра ведаеце назвы садавіны, не блытаецеся? Так, мы гэта праверым.
Дзеці становяцца ў круг. На кожным выхаванцы медальён з відарысам якой небудзь агародніны ( рэпа, морква, цыбуля, агурок, рэдзька, бурак, бульба і г.д.). медальёны перагорнуты.
Агароднік выходзіць на сярэдзіну круга і стукае палкай аб зямлю. У яго пытаюцца:
-Хто там?
- Агароднік!
- За чым прыйшоў?
-За рэпай!
Агароднік павінен адгадаць, хто з дзяцей назваў сябе рэпай. Калі ён адгадае, “ рэпа” пачынае ўцякаць. Агароднік павінен злавіць яе і адвесці ў свой агарод. Гульня заканчваецца тады, калі ўся “ Агародніна” пяройдзе да агародніка. Агароднік з дапамогай вядучага збірае медальёны ў сабранай
“ Агародніны” ( Агароднік мае права тры разы адгадваць, які ігрок названы той агароднінай, якая яму патрэбна).
Агароднік: Вось колькі агародніны я назбіраў ( трымае медальёны у руцэ, дзеці ў гэты час ўжо сядзяць на сваіх месцах). Зараз звару такі смачны боршч! А вашы бацькі мне дапамогуць.
Памочнікі вядучага і вядучы выбіраюць з ліку бацькоў удзельнікаў наступнага конкурсу “ Смачны боршч”. Абраным неабходна з завязанымі вачыма адабраць у чыгунок, які знаходзіцца на падрыхтаваным стале неабходную садавіну з падносаў. Каб зблытаць удзельнікаў, ім акрамя патрэбных інгрыдыентаў для стравы, падкладваюць іншыя розныя, падобныя на агародніну неядомыя прадметы і садавіну. Выігрывае той, хто першым без памылак “ Зварыць боршч” ( адбярэ ўсё неабходнае). Пры наяўнасці жадаючых пагуляць, конкурс паўтараецца.( У час спаборніцтва ціха гучыць музыка).
Музычная паўза. ( Танец Рабінак).
Агароднік збіраецца ў дарогу. Прыносіць ў падарунак дзецям садка маленькі кошык часныку. Гаворыць аб яго карысных уласцівасцях і развітваецца з дзецьмі і гасцямі.
З’яўляецца Гаспадыня.
Гаспадыня: А якія ж спрытныя мае памочнікі! Вой-вой, мае дзетачкі-любачкі мае!!! Усе справы парабілі і баршчу наварылі. Значыць можам пагуляць і мядзведзіка пазваць! Пагуляем у “Рэдзьку”.
Гуляючыя усаджваюцца на зямлю так, каб кожны ігрок сядзеў паміж нагамі таго, хто знаходзіцца за ім і ахоплівае яго рукамі за пояс. “ Гаспадыня” садзіцца апошняй.
Стук у дзверы:
- Хто там?
Заходзіць мядзведзь, падыходзіць да ігракоў і кажа:
- Мядзведзь.
- Чаго табе трэба?
- Я ў бярлозе сядзеў, усё лета еў, але не наеўся - рэдзькі хачу.
- Яшчэ не пасеяна!
“ Мядзведзь “ падыходзіць другі раз , дыялог паўтараецца. Аднак цяпер гаспадыня гаворыць, што рэдзька “ Яшчэ не ўзышла”. За трэцім разам яна адказвае “ Яшчэ не праполата”, а за чацвёртым “ Яшчэ не вырвана”. Пасля гэтага мядзведзь кажа: “ Сам вырву!- і бярэ за рукі аднаго з гуляючых. Стараючыся вырваць яго з рук таварыша. Калі гэта яму ўдаецца, ”вырваная рэдзька” садзіцца за спінай Гаспадыні, а мядзведзь пачынае рваць наступную “ рэдзьку”. Калі зрабіць гэта ён не зможа, то сам садзіцца за спіну таго іграка, які не ўтрымаў “ рэдзьку”, а “ нявырвная рэдзька” становіцца “ мядзведзем”. (Гульня заканчваецца, калі ўсе ігракі будуць перасаджаны за спіну “ гаспадыні”. “ Рэдзькі” могуць дапамагаць “ гаспадыні” прыдумваць адказы. “ Мядзведзь”, вырваўшы “ рэдзьку”, ацэньвае яе, напрыклад, натупным чынам: “ Добрая рэдзька, трэба ўзяць яшчэ адну” або:
“ Нясмачная рэдзька, вазьму лепш іншую” і да т.п.
Гаспадыня прыносіць кошык з рэпкамі аддае мядзведзю. Дзеці і вядучы дзякуюць Гаспадыні і мядзведзю і развітваюцца з імі.
Музычная паўза. Песня” Што нам восень прынясе?”
Вядучы: ( загадвае загадкі пра садавіну)
- Сядзіць Піліп да палкі пріліп. Дзеці, што гэта? ( Яблык)
- Чырвоная прыгажуня ў зямлі схавалася, а касу наверсе пакінула. ( Морква)
- Гарбаты дзядок усё поле аббегаў. ( Серп)
- На коніку сем саколікаў, кожны ў каптаночку. ( Авёс)
- Чорная свінка мае тры спінкі. ( Грэчка)
- Яго бьюць каламі, рэжуць нажамі, за тое яго так любяць і жыць без яго не могуць. ( Хлеб)
- Пайшла Эльжуха ў сямі кажухах. ( Цыбуля)
- Ішла пані з маста, на ёй кашуль за ста. (Качан капусты)
- Духмяная прыгажуня павісла на галінцы, ў сукні чырвона-жоўтай ці ў такой як у ялінцы. ( Грушка)
( выкарыстоўваюцца любыя загадкі аб садавіне, агародніне, на восеньскую тэматыку).
( даходзяць да назвы садавіны “ груша”, праводзіцца гульня “ Грушка”).
Гуляючыя, узяўшыся за рукі, утвараюць круг, усярэдзіне якога становіцца вядучы. Гэта і ёсць “грушка”. Ігракі ідуць у крагодзе вакол “ грушкі” і спяваюць:
Мы пасадзім грушку
Ўсе, ўсе,
Няхай наша грушка
Расце, расце,
Вырасці ты, грушка,
Вось такой вышыні,
Распусціся, грушка,
Вось такой шырыні!
Расці, расці, грушка,
Ды ў добры час,
Патанцуй, Марылька.
Паскачы для нас.
А мы гэту грушку ўсе шчыпаць будзем,
Ад нашай Марылькі ўцякаць будзем!
“ Грушка”, стоячы ўсярэдзіне круга, павінна паказваць усё, пра што пяецца ў песні: танцаваць, кружыцца. На словы “ вось такой вышыні” гуляючыя падымаюць рукі ўверх, а на словы “ вось такой шырыні” разводзяць рукі ў бакі. Калі спяваюць: “ А мы гэту грушку ўсе шчыпаць будзем”, набліжаюцца да “ грушкі”, дакранаюцца да яе і хутка ўцякаюць, а “ грушка” пачынае лавіць іх. Перамагае “ грушка”, якая за пэўны час здолее злавіць як мага больш ігракоў. ( ігракі павінны выконваць танцавальныя рухі, узгадняючы іх са словамі песні).
Дзеці садзяцца на свае месцы.
За дзвярыма чуецца булькаценне, шум, нібы пар валіць з чыгунка з печы.
Уваходзіць Пані Бульбачка.
- Ой упарылася, на алеі падсмажылася, смятанай заправілася !!! Пых, пых. Забівае дых. Пух,пух, прысяду вось тут! Ухх! ( падае на падрыхтаваны стул).
- Дзеці, ці пазналі вы нашу госцю?
Дзеці адказваюць.
- так, гэта пані Бульбачка. Пані бульбачка , вы так стаміліся, а што вы рабілі? Адкуль вы з’явіліся?
- Бульбачка расказвае як яна з’явілася на стале беларусаў, якую карысць прыносіць людзям, гаворыць аб тым, што з’яўляецца другім хлебам нашай краіны і таму да яе трэба ставіцца з павагай і шанаваць тых людзей, якія вырошчваюць для нас гэтую гародніну).
- ( звяртаючыся да гасцей), а ці не забыліся нашы госці. Як трэба бульбачку саджаць? Зараз прыгадаем. ( Праводзіцца гульня
“ Пасадка бульбы” удзельнічаюць бацькі і выхаванцы.
Гуляючыя дзеляцца на дзве каманды і становяцца ў калоны. Першыя ў калонах- капітаны каманд, яны трымаюць у руках мяшочкі з “бульбай”. На адлегласці 10-15 м ад лініі за якой знаходзіцца каманды кладуць 8-10 абручоў або малююць кружочкі. Па сігналу капітаны бягуць да абручоў і “садзяць бульбу” па адной у кожны кружок, затым вяртаюцца назад і перадаюць мяшочкі наступным ігракам, якія бягуць “ збіраць бульбу”. Перамагае каманда, якая здолее “ пасадзіць” і
“ сабраць бульбу” хутчэй. Ігракі не павінны выходзіць за лінію без мяшочка. Калі “ бульбіна” ўпала, яе трэба падняць, а затым бегчы.
“ Садзіць бульбу” дазваляецца толькі ў кружкі ці абручы ( лункі)).
( Пад час гульні гучыць музыка).
- Вось малайцы! Ну і спраўныя і рухавыя! Вось гэта памочнікі!!! Ну, бачу, што ў вас усё добра пара мне ўжо і на адпачынак.
Трэба мне у пограбе паспаці, каб вясной у добры час устаці, укласціся ў зямельку і багацце прынесці ў кожную сямейку. Бывайце, мае маленькія працаўнікі! (Развітваецца з дзецьмі і знікае за дзвярыма).
( Пакуль праводзіцца гульня “ Пасадка бульбы” памочнікі вядучага
выносяць накрытую сявеньку з зернем з несапраўднай запаленай свечкай ( намаляванай) на падрыхтаваны столік).
- Дзеці, а што гэта ў нас тут пані Бульбачка пакінула? Зараз паглядзім. ( Падыходзіць да стала і бярэ ў рукі сявеньку з зернем). Хто ведае, што гэта такое? ( Падрыхтаванае дзіця расказвае для ўсіх бацькоў :“Багач”- свята, якое адзначалі з заканчэннем усіх земляробчых работ. У гэта свята абыходзілі ўсе двары ў вёсцы з “сявенькай”, запоўненай зернем, у якім стаяла свечка. Яе называлі “ Багачом”. Пасля заканчэння абыходу вёскі, “ Багач” неслі ў якую-небудзь хату і ставілі на покуце на ўвесь год. Лічылася, што ў той сям’і, дзе заставаўся “ Багач”, панавала шчасце і багацце. У гэтай жа хаце наладжвалі рытуальнае застолле з пачастункамі, песнямі, танцамі, жартамі.)
- Дзеці і паважаныя госці, Бульбачка абышла наш аграгарадок
з “ сявенькай” і пакінула яе ў нашай дзіцячай вясёлай сям’і, у нашым садку, каб панавала ў нашым садку шчасце і багацце на ўвесь год. Давайце занясём падарунак Бульбачкі у нашу сялянскую хатку ( музей дашкольнай установы). ( Са словамі: “ Прыйшоў Багач, кідай рагач, бяры сявеньку-сей памаленьку!” дзеці і вядучы адносяць “ сявеньку” у сялянскую хатку і варочаюцца ў зал на свята. У той час пакуль дзеці і вядучы адсутнічаюць, памочнікі ў зале частуюць бацькоў выхаванцаў яблыкамі і раздаюць маленькія палатняныя упрыгожаныя мяшочкі з зярняткамі пад народную мелодыю .
Дзеці займаюць свае месцы. Памочнікі частуюць іх яблыкамі і арэхамі. Гучыць ціхая народная мелодыя.
Вядучы разам з дзецьмі: “ Мы вам жадаем, каб да вашых хат, сцежкі не ведаў не ўрач, не адвакат. І каб было вам на усім вяку, лёгка на сэрцы, цяжка ў кашальку.…”) Да новых сустрэч!
Літаратура:
1.Этнакультурнае выхаванне: фарміраванне асноў патрыятызму ў старшых дашкольнікаў: вучэбна-метад. дапаможнік/ А. В. Кахноўская; ДУА “ Мін. абл. ін-т развіцця адукацыі”.- 2-е выд., выпраўл.- Мінск: Мін. Абл. ІРА, 2013.
2. Святы, абрады Капыльшчыны: Інфармацыйна-даведачнае выданне/ Уклад. Г. А. Гурло- Аддзел культуры Капыльскага райвыканкама, раённы Цэнтр культуры, аддзел традыцыйнага мастацтва.- Капыльскае рэдакцыйна-паліграфічнае прадпрыемства “ Слава Працы”- Капыль,1998 г.
3. Беларускія народныя гульні /У. М. Краж, В. В. Трубчык.-г. Мінск:
“ Перамога” Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
4. Ад Каляд да Пакроваў / П. А. Гуд.- г. Мінск: Выд. ТАА “ Красіка-Прынт”,2000.
5.Ад верасня да жніўня/ Рэд.-укл.Л. І. Жук-Мн.: Выд. ТАА “ Красіка-Прынт”,2001.
6. Мудрыя дарадцы: Прыказкі і прымаўкі./ Уклад. А. У. Янголь- 2-е выд., дапрац.- Мн.: Юнацтва,1983.
7.Крынічка народнай творчасці: зборнік фальклорных твораў: А. У. Івановіч, А. А. Сабіч.- Мінск: Беларусь, 2013.
8. Мудрасць жыцця: прыказкі, прымаўкі/ уклад. А. І. Гурскі; М 89 маст. Т. П. Беразенская. - Мінск: Маст. літ., 2007.- 94 с. : іл.- ( Беларускі фальклор).
Сцэнарый свята “ Благавешчанне”
( склала загадчык ДУА “ Ванелевіцкі дзіцячы сад” Цітова Я. Я.)
(У святліцы накрыты абрусам стол, стаіць ежа, за сталом гаспадар, гаспадыня і дзеці: дзве дзяўчынкі і два хлапчукі).
Папярэдняя работа: дзецям загадзя даводзіцца інфармацыя аб свяце
“ Благавешчанне”.
Дзеючыя асобы:
Гаспадыня Надзея, гаспадар, дзеці( 2 сыны, дзве дачкі,” Буслік”,суседка Васіліна, дзед Рыгор.
Абсталяванне: рознакаляровы парасон, місачка з “зямлёй” і зярняткі капусты( бусіны), медальёны з малюнкамі буслікаў, 8-10 абручоў, палатняны мяшэчак з “ смеццем”.
Гаспадыня ( гледзячы ў акно): Бусел прыляцеў-вясна будзе! Ды на нашым двары пасяліўся, будзе ў нас у гэтым годзе дастатак. Вось і добра! З Благавешчаннем вас!
1 хлопчык: А мы матуля, каб ён да нас прыляцеў зацягнулі з Санькам на страху нашага дома старую барану, каб яна паслужыла асновай для гнязда бусла, вось яму і спадабалася, прыляцеў родненькі да нас.
2 хлопчык : Ага, вунь як спраўна за працу ўзяўся.Носіць галінкі, гаспадарнічае!Які працавіты!
Гаспадар: Так, малайцы дзеці, трэба птушкам дапамагчы, а яны нам потым дабром адплацяць. Разбураць гняздо бусла- вялікі грэх. Акрамя таго, у бусла ў адной назе знаходзіцца агонь, у другой –вада, так што ён у адплату за разбурэнне гнязда можа зрабіць пажар. Забіваць бусла- таксама грэх. Гэта тое ж, як і забіваць чалавека, бо бусел сам з чалавека.
Гаспадыня: Пачакайце не бягіце на двор. Хай ён паляціць за галінкамі. Лепш за ўсё пабачыць бусла лятучым: тады цэлы год будзеце “лёгкія на ногі” мае даражэнькія дзеткі і мой гаспадар.
( Пераапранутае ў бусла дзіця “ махаючы крыламі” быццам ляціць перабягае за вокнамі хаты гаспадароў, “ кружыць” і знікае за кулісамі).
Дзеці разам: Вунь паляцеў, паляцеў! Цяпер мы ўсе будзем здаровыя і лёгкія на ногі!
( Хлопчыкі выбягаюць на двор).
Гаспадар: Пайду і я ў хлеў. Трэба ўсе прылады да веснавой пахаты перагледзець.( выходзіць з дому)
Дзяўчынкі: Матуля, ужо мы ўсе паснедалі. Давайце будзем прыбірацца.
Гаспадыня: Добра, дачушкі. Зараз прыбяром са стала і я нешта цікавае вам пакажу і раскажу. ( Гаспадыня і дачушкі прыбіраюцца і садзяцца побач на заслончыку).
Гаспадыня: Смецце мы з вамі сёння выносіць не будзем. Вось яно( дастае невялікі палатняны мяшэчак). На Благавешчанне гаспадыні не выносяць смецце з хаты, а ставяць яго ў пасудзіне пад лавай на покуці. Зараз і мы гэта зробім. ( Ставяць мяшэчак з “ смеццем” пад лаву).
Дзяўчынкі: А навошта мы гэта робім, матуля?
Гаспадыня: А гэта каб наша курыная гаспадарка прырастала і каб нашы курачкі не гублялі яек на чужых дварах. Гэта яшчэ мая бабуля мяне навучыла. А яшчэ трэба 7 красавіка ўстаць раніцай, пакуль усе ў хаце спяць і перавязаць саху - вось гэтую прыладу для апрацоўцы зямлі. Паглядзіце бацька яе вынес з сарая ( наказвае на прыладу, якая стаіць недалёка ад “ Хаткі” гаспадароў). Тады куры будуць добра несціся. А яйкі усім гаспадыням хутка спатрэбяцца. Ужо вось-вось і Вялікдзень.Вось паглядзіце, як хораша нашы курачкі і пеўнікі гуляюць у нашым двары, быццам танцуюць.
( Дзеці выконваюць танец “ Кураняты”)
Гаспадыня: Благавешчанне –час перавагі вясны над зімой. Трэба гаспадыням клапаціцца пра агароды, тым больш што пара каля гэтага свята лічыцца найбольш прыгоднай для пасеву расады.
( Спявае )“ Вясна-красна, што нам вынесла?
Нам вынесла саху, барану.
Старым бабкам пасядзеннечка,
Маладыцам красенца ткаці,
А дзяўчаткам да й пагуляці.
Суседка: Добры дзень у хату цётка Надзея.
Гаспадыня: Добры дзень, Васіліна.
Суседка: Хто тут збіраў дзяўчат гуляць.
Дзяўчынкі: ( разам) Мы!
Суседка: Дык хадзем да нас ў двор.
( выходзяць з “ Хаткі”)
Суседка: Дзяўчаты, хлопцы хадзем да нас гуляць. Хутка лічымся:
( Суседка Васіліна хутка і гучна гаворыць)
Раз, два, тры, чатыры,
Пяць, шэсць, сем, восем,
Выйшла баба з доўгім носам,
А за бабай сівы дзед,
Колькі дзеду таму лет?
( Дзеці становяцца вакол Васіліны, пакуль яна гаворыць словы, памочнікі апранаюць дзецям медальёны).
Бусел, бусел калода
Што заўтра будзе-
Дождж ці пагода?
Калі сонейка-кружыся,
Калі дожджык, то садзіся.
( На дзецях медальёны з відарысам буслікаў. Гучаць розныя мелодыі: хуткая- дзеці ўцякаюць ад дажджу пад рознакаляровы парасон суседкі Васіліны, павольная-кружацца і садзяцца як буслікі на свае гняздзечкі ( на падлозе актавай залы размеркаваны абручы.) Калі зноў гучыць хуткая мелодыя і дзеці ўцякаюць пад парасон, памочнікі забіраюць адзін з абручоў. Няўважлівы Буслік без гняздзечка сядае на свае месца і так да той пары пакуль не застанецца толькі адзін Буслік-самы пільны і спрытны.)
Суседка: Вось малайцы! Якія уважлівыя і вясёлыя! А зараз адпачніце крыху і мы з вамі паадгадваем загадкі.
Бегла ваўкоў дваццаць пяць, ды і цяпер сляды знаць. ( Барана)
Сто сястрыц адну хустку вяжуць. ( Пчолы і соты)
Сто адзін брат, усе ў адзін рад, разам звязаны стаяць. ( Пляцень)
Семсот свішча, чатыры танцуе, дзве свечкі гараць, два вартавыя стаяць. ( Конь)
Тысяча брацікаў звязаны, адным поясам падпяразаны. ( Сноп)
У адным доме сотні жыхароў, а сям’я адна. ( Вулей)
Крутаста, вяртаста, на ёй кашуль за ста. ( Капуста)
Суседка:Добра загадкі адгадваеце. А цяпер паглядзім як умееце працаваць.
На першы дзень пасля свята Благавешчання ўсе гаспадыні імкнуліся пасадзіць капусту на рассаду. Рассада будзе зялёная, моцная і будзе добры ураджай капустачкі. Вось тут у мяне насенне, зараз мы з вамі пасеем капустачку. Падыходзьце дзеці да мяне. (Суседка з мяшэчка дастае насенне, дае кожнаму з дзяцей, і ў падрыхтаваную місачку дзеці з дапамогай Суседкі высяваюць насенне капусты, паліваюць. Потым гэту рассаду можна будзе забраць у групу, даглядаць яе разам і высадзіць у вугалок агароду на тэрыторыі дашкольнай установы калі прыйдзе добрая пара.)
У двор суседкі заходзіць дзед Ягор. Дзеці кідаюцца да яго і радасна крычаць разам:
Дзеці: Дзядуля Рыгор, раскажы казку, каліласка!!!
Дзед Рыгор: Добра дзеткі, сядайце тут, каля мяне на лаўцы і слухайце. На Беларусі свята Благавешчанне ці па іншаму яшчэ некаторыя называюць Дабравешчанне, Ізвеставанне звязана з прылётам буслоў- звесткай аб багатым ураджаі- гэта трэцяя сустрэча вясны услед за Грамніцамі і Саракамі.У гэты дзень, 7 красавіка на Благавешчанне, дзеўка касы не пляце, а птушка гнязда не ўе. Шмат гадоў чаму Я вам раскажу легенду “ Адкуль пайшлі буслы?”.
Дзед Рыгор ( расказвае легенду): Было гэта вельмі даўно. На зямлі развялося такое мноства гадаў, што не стала ад іх жыцця ні людзям, ні жывёле. І парашыў адзін чараўнік знішчыць гадаў, патапіць у якоўсці бяздонніцы. Сабраў ён іх у вялізны скураны мяшок, завязаў, узваліў на плечы аднаму неразумнаму чалавеку і загадаў укінуць у паказанае прадонне. Як толькі чалавек рушыў з месца, то ўсе гады, якія былі ў мяшку, заварушыліся, засіпелі, засвісталі. І ўзяла чалавека цікаўнасць, што ён такое прэ.
Чалавек развязаў торбу ды і аслупянеў ад жаху. Гады ж тым часам вылезлі і распаўзліся ізноў па зямлі.
Разгневаны чараўнік не захацеў другі раз збіраць гэтую дрэнь і, накінуўшы на чалавека парожні мяшок, ператварыў яго ў бусла і загадаў збіраць гадаў-уцекачоў усё яго жыццё аж да самай смерці.
І ходзіць гэты ператвораны ў бусла чалавек з закінутым на плечы мяшком па лугах, палях, балотах ды збірае гадаў, але да гэтае пары ніяк сабраць не можа. З прычыны сваёй крэўнасці да чалавека гэты пярэварацень не адыходзіць далёка ад людскіх сяліб і мала баіцца людзей.
З’яўляецца гаспадар і гаспадыня
Гаспадар: Вось мае харошыя дзеткі, а цяпер нам пара развітвацца з нашымі гасцямі, бо ў нас заўтра яшчэ шмат спраў, таму сёння трэба добра адпачыць. Да Благавешчання не можна чапаць маткі-зямлі, бо яна можа прагневацца да й не зарадзіць. Пасля Благавешчання, калі ўжо сыдзе снег, гэтак лепей усяго ў чацвер сярод дня заворваць. Заўтра трэба нам з вашымі бацькамі заараць па тры паласы на нашых палетках, каб зямля была ласкавая ды добрая зарадзіла і дала нам восенню багаты ураджай. Мы з гаспадарамі сядзіб надзенем чыстую бялізну, пакладзём ў торбу акраец хлеба, соль, хрэшчык, яйка і сыр, запражом ў саху валоў ды і пойдзем у поле. Правядзём па тры баразны, потым будзем палуднуваць самі і па куску хлеба дамо валам, каб яны былі спасныя, а яйкі закапаем ў зямлю там жа на баразне. Гэта мы зробім пачостку матцы-зямлі, каб яна была ласкава да добра зарадзіла збожжа, каб усюды было поўна, як тое яйка. А потым разам з валамі вернемся дадому. У першы дзень пасля Благавешчання не можна многа араць, каб валы не таміліся ды заўжды былі спасныя.
Дзед Рыгор, Гаспадыня і Гаспадар:
Да пабачэння, пойдзем адпачываць, а вас, нашы госці, просім не сумаваць. Да дому з радасццю ад’язджайце і нас добрым словам успамінайце і няхай у вашы хаткі прыходзяць толькі добрыя весткі. А для вас на развітанне праспяваюць нашы дзеткі.
( Гучыць вясёлая песня).
Горкай, горкай, горачкай.
Шоў малы Ягорачка.
Ваўкоў не баяўся,
Страхаў не пужаўся.
Пратаптаў Ягорачка
Сцежачку да горачкі.
Выразаў Ягорачка
Дудачку-свісцёлачку,
І свістаў ён птушачкай,
Птушачкай-пяюшачкай.
Горкай,горкай, горачкай
Шоў малы Ягорачка.
1.Этнакультурнае выхаванне: фарміраванне асноў патрыятызму ў старшых дашкольнікаў: вучэбна-метад. дапаможнік/ А. В. Кахноўская; ДУА “ Мін. абл. ін-т развіцця адукацыі”.- 2-е выд., выпраўл.- Мінск: Мін. Абл. ІРА, 2013.
2. Святы, абрады Капыльшчыны: Інфармацыйна-даведачнае выданне/ Уклад. Г. А. Гурло- Аддзел культуры Капыльскага райвыканкама, раённы Цэнтр культуры, аддзел традыцыйнага мастацтва.- Капыльскае рэдакцыйна-паліграфічнае прадпрыемства “ Слава Працы”- Капыль,1998 г.
3. Беларускія народныя гульні /У. М. Краж, В. В. Трубчык.-г. Мінск:
“ Перамога” Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
4. Ад Каляд да Пакроваў / П. А. Гуд.- г. Мінск: Выд. ТАА “ Красіка-Прынт”,2000.
5.Ад верасня да жніўня/ Рэд.-укл.Л. І. Жук-Мн.: Выд. ТАА “ Красіка-Прынт”,2001.
6. Мудрыя дарадцы: Прыказкі і прымаўкі./ Уклад. А. У. Янголь- 2-е выд., дапрац.- Мн.: Юнацтва,1983.
7.Крынічка народнай творчасці: зборнік фальклорных твораў: А. У. Івановіч, А. А. Сабіч.- Мінск: Беларусь, 2013.
8. Мудрасць жыцця: прыказкі, прымаўкі/ уклад. А. І. Гурскі; М 89 маст. Т. П. Беразенская. - Мінск: Маст. літ., 2007.- 94 с. : іл.- ( Беларускі фальклор).
9. Гульні, забавы, ігрышчы/ Уступ. арт., уклад., класіфікацыя і сістэматызацыя матэрыялаў і камент. А. Ю. Лозкі.-3-е выд.- Мн.: Бел. Навука, 2003.-534 с.: нот.іл.- ( беларуская народная творчасць).
10. Святы і абрады беларусаў.- 2-ое выд.- Мн.: Беларусь, 1998.-190 с.: іл.
11. Земляробчы каляндар: Абрады і звычаі /Уклад., класіфікацыя, сістэматызацыя матэрыялаў і камент. А. І. Гурскага; Уступ. Арт. А. І. Гурскага, А. С. Ліса.- 2-е выд., выпр.- Мн.: Бел. Навука, 2003.-429 с.- ( Беларуская народная творчасць).